ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ у мовазнаўстве,
інтэгральны метад даследавання мовы, пры якім аб’ект вывучаецца з пункту гледжання яго функцый, заканамернасцей ужывання, сувязі з асяроддзем. Выкарыстоўваецца ў функцыянальнай лінгвістыцы. Пры Ф.а. вызначаюцца лексічныя, сінтакс., кантэкстуальныя, сітуацыйныя і прагматычныя ўмовы выкарыстання слоў і выразаў. Напр., пры апісанні трывання ўлічваецца лексічнае значэнне дзеясловаў, спосаб дзеяння, адносіны паміж трываннем і часам і інш. Адзін з асн. прадметаў Ф.а. — функцыянальна-семантычныя палі — групоўкі адзінак розных узроўняў (лексічны, марфал., сінтакс.), аб’яднаныя агульнай семантычнай функцыяй. Пры Ф.а. матэрыял аналізуецца ад сэнсу да выражэння, ад функцыі да сродкаў яе рэалізацыі. Важныя аспекты Ф.а. — дыяхранічны і супастаўляльны. Пачынальнікі Ф.а. — А.А.Патабня, І.І.Мешчанінаў, О.Есперсен, Э.Бенвеніст.
Літ.:
Функциональный анализ грамматических аспектов высказывания. Л., 1985.
М.В.Супрунчук.
т. 16, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)